Літаратурна-творчае аб'яднанне «Парнас»

 

                                           

 Кіраўнік - Пятроўская Вольга Вячаславаўна

     

 Даволі часта ў нашым жыцці здараюцца гісторыі, якія потым успамінаюцца доўгія гады, а мы шкадуем, што не можам «запісаць» іх так, як гэта робяць пісьменнікі. «Эх, такі б раман атрымаўся!» - часам зазначаем з жалем. Не можам ці не ўмеем? І калі мы здолеем навучыцца карыстацца, напрыклад, смартфонам, камп'ютарам ці кіраваць скутарам, што нам перашкаджае засвоіць і пісьменніцкае майстэрства? А можа нехта збіраецца пайсці вучыцца на журналіста, і вам жыццёва неабходна прадставіць экзаменатарам творчыя работы?

 У нашай установе адукацыі ёсць для вас выйсце: літаратурна-творчае аб'яднанне «Парнас»! Тут вас навучаць не толькі асновам пісьменніцкага майстэрства, але і ахвотна абмяркуюць самыя цікавыя кніжныя навінкі, а таксама арганізуюць сустрэчы з вядомымі літаратарамі.

Прыходзьце!

Мы вельмі рады бачыць вас,

Каб разам пакарыць Парнас!

Мэта: развіццё творчых здольнасцей вучняў.

Задачы: 

 - стварэнне ўмоў для развіцця таленту вучняў; 

 - навучанне школьнікаў складанню вершаў розных жанраў;

 - паглыбленне ведаў па асновах вершаскладання;

 - фарміраванне нацыянальнай свядомасці вучняў, выхаванне любові да роднай зямлі, беларускага слова, гонару за беларускую літаратуру.